У Брэсце захаваюць дарожную плітку 30-х гадоў ХХ ст. (фота)
У Брэсце захаваюць дарожную плітку 30-х гадоў ХХ стагоддзя. “Трылінку” выявілі пад пластом асфальту пры правядзенні рэканструкцыі праспекта Машэрава, паведамляе сайт Брэсцкага гарвыканкама.
Пытанне пра неабходнасць захавання пліткі было ўзнята падчас прамой тэлефоннай лініі са старшынёй Брэсцкага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком. У сувязі з гэтым кіраўніцтву гарадской ЖКГ было дадзена даручэнне зрабіць усё магчымае, каб максімальна захаваць старое дарожнае пакрыццё.
Зараз “дарожнікі” практычна ўручную дастаюць “трылінку”. Пасля плітка пераносіцца на паддоны, абгортваецца поліэтыленавай плёнкай і дастаўляецца да месца часовага захоўвання. У далейшым ацалелую частку “трылінкі” будуць выкарыстоўваць пры рэканструкцыі гістарычных месцаў горада. Адным з такіх месцаў можа стаць стары гарадскі парк, які размешчаны па суседстве з кавалкам дарогі, дзе выявілі плітку.
Плітка носіць імя свайго стваральніка — варшаўскага інжынера Уладзіслава Трылінскага. У 30-я гады ХХ стагоддзя ён запатэнтаваў сваё вынаходніцтва і разгарнуў актыўную вытворчасць пліткі пасля таго, як атрымаў прызначэнне ў Брэст на пасаду начальніка ваяводскага ўпраўлення будаўніцтва і камунікацый. Да гэтага галоўныя вуліцы горада над Бугам, як і вуліцы многіх іншых гарадоў былі выбрукаваны круглымі камянямі. Такія дарогі былі не вельмі зручнымі і для хады, і для коннага транспарту ды аўтамабіляў.