У брэсцкага блогера Пятрухіна правялі ператрус
У кватэры брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна міліцыя зладзіла ператрус. Як паведамляе Радыё Свабода, у выніку агляду забралі ноутбук, планшэт, тэлефон і фотаапарат. Пятрухін лічыць гэта ціскам за асвятленне пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце.
Пятрухіна сустрэлі некалькі міліцыянтаў і амапаўцаў, калі блогер выносіў смецце з хаты. Яго азнаёмілі з санкцыяй пракурора на агляд кватэры, пасля чаго рушылі разам з ім у памяшканне.
Напярэдадні блогер Сяргей Пятрухін разам з калегам Аляксандрам Кабанавым атрымалі па 1225 рублёў штрафу за збор подпісаў за адстаўку кіраўніцтва Брэсцкай вобласці.