У Брытаніі з-за крызісу кожны тыдзень закрываецца па 18 пабаў

The Guardian паведамляе, што 100 англійскіх пабаў, якія з’яўляюцца “сацыяльна значнымі”, атрымаюць спецыяльны ахоўны статус.

The Guardian: “Ахоўны статус азначае, што пабы не могуць быць прададзеныя без дазволу мясцовых жыхароў. Ён дае большыя паўнамоцтвы мясцовым саветам, каб адмовіцца ад прапановаў распрацоўшчыкаў, а таксама дае тутэйшым тэрмін да 6 месяцаў, каб аформіць сваю заяўку на набыццё паба”.

Статус сацыяльна значнага атрымаў, напрыклад, паб The Bull у вёсцы Грыт Мілтан. Жыхары выкупілі яго пару месяцаў таму, сабраўшы на хуткую руку 250 тысяч фунтаў, калі даведаліся, што ўладальнік вырашыў прадаць The Bull. На адкрыццё адроджанага паба прыйшла палова з 600 жыхароў вёскі. Але не ўсе пабы могуць пахваліцца такой наведвальнасцю. Што ў прынцыпе і з’яўляецца адной з прычын заняпаду “брытанскай піўной культуры”, адзначае USA Today:

“З 2008 года колькасць рэгулярных наведвальнікаў пабаў у Вялікабрытаніі знізілася на 3 мільёны чалавек. А выдаткі на іх выраслі, бо падатак на піва з кожным годам павялічваецца”.

Падатак на пенны напой прывёў да абсурднай сітуацыі, калі піва, якое каштуе 5,5 фунта у пабе, у супермаркеце можна набыць за 80 пенсаў. Таксама наведвальнікаў адпужвае забарона на курэнне. Каб хоць неяк усё ж прывабіць людзей, уладальнікі пабаў вымушаны змяняць іх традыцыйны вобраз.

USA Today: “Каб адказаць на выклікі часу, лонданскія пабы прадаюць адзенне, патрыманыя кнігі, садавіну і гародніну, адкрываюць рыбныя крамы альбо па нядзелях забаўляюць дзяцей, пры гэтым выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі для прамоцыі”.

Што цікава, новыя маркетынгавыя фішкі выкарыстоўваюць не толькі ў сталічным Лондане, але і ў Ірландыі, якая сваімі піўнымі традыцыямі славіцца, можа, нават больш, чым Англія. Мясцовыя ўладальнікі пабаў таксама актыўна змагаюцца з крызісам. Нядаўна Der Spiegel распавядаў пра Майка Паркера з невялікай вёскі, які пасля вечаровага піва ўсіх сваіх гасцей развозіць па дамах. Калі б гэтага не рабіў — быў бы вымушаны закрыцца.

Der Spiegel: “У выхадныя Майк можа быць за стырном дзве гадзіны. Тут, у сельскай мясцовасці, нават няма таксі. Але нават калі б і было, то мала каму яно было б па кішэні”.

Лёс іншых ірландскіх пабаў склаўся больш сумна: 1,5 тысячы з іх спынілі сваё існаванне. Таксама, як і 6 тысяч пабаў у Англіі і Уэльсе, пачынаючы з 2008 года. Згодна з дадзенымі аб’яднання аматараў піва CAMRA, штотыдзень у Вялікабрытаніі закрываецца 18 пабаў.

Фота: glenmcclure.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі