Не есці і не купляць адзенне: 4 месяцы трэба збіраць беларусу на топавы iPhone
25 кастрычніка ў Беларусі стартаваў афіцыйны продаж адзінаццатых айфонаў. Крама адной з сотавых сетак за топавую мадэль iPhone 11 Pro Max з 512 Гб памяці просіць... 4399 рублёў!
Колькі ж заробкаў трэба адкласці звычайнаму беларусу, каб дакрануцца да прыгожага жыцця з флагманам Apple у руках?
Паводле апошніх звестак Белстата, намінальны налічаны сярэдні заробак па краіне ў верасні 2019-га склаў 1108 рублёў 50 капеек. Калі вырашана кватэрнае пытанне, ёсць свой агарод ды склеп з закаткамі, а шафа забітая вопраткай на ўсе сезоны, то сярэднестатыстычнаму беларусу трэба збіраць на iPhone усяго 4 месяцы (яшчэ і 35 рублёў застанецца).
Аднак заробкі ў рэгіёнах значна адрозніваюцца ад “сытай сталіцы”. Сярэдні заробак па Мінску, паводле дзяржаўных сацыёлагаў, у мінулым месяцы склаў 1516 рублёў 20 капеек. То-бок мінчук можа стаць уладальнікам “яблыка” трошкі менш чым за тры месяцы жэстачайшай эканоміі — яму хопіць 2,9 заробка.
У Мінскай вобласці заробак хоць і меншы за сталічны, аднак трошкі вышэйшы за сярэдні па краіне — 1117 рублёў 30 капеек. Назбіраць на “айфон” можна з 3,9 заробка.
У астатніх абласцях сярэдняя аплата працы трохі не дастае да 1000 і розніцца ў нязначныя дзясяткі рублёў. А самы бедны раён Беларусі знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Гэта — Шаркаўшчына з сярэднім заробкам 639 рублёў 30 капеек. Адкладаць на нятанную пакупку прыйдзецца 7 месяцаў! “Трохвокі” iPhone — гэта 6,8 заробка жыхара раёна.
Насамрэч сітуацыя яшчэ горшая: у разліках мы улічвалі толькі налічаны заробак, а не той, што працаўнікі атрымліваюць на рукі. З кожнага заробку адымайце яшчэ 14% падаткаў!
Паводле даследчага цэнтра ДПМ, заробак у Беларусі становіцца ўсё меней “сярэднім”. Калі ў 2005 годзе ў большасці раёнаў людзі зараблялі 60-70% ад узроўню Мінска ці нават больш, то ў 2018 годзе “столлю” для пераважнай большасці раёнаў стала 60% ад сталічнага заробку.