У бюджэце-2017 не прадугледжаныя грошы на закупку баявых самалётаў Су-35С
Дыскусія вакол закупкі новай эскадрыллі баявых самалётаў разгарнулася 15 верасня ў парламенце. Міністэрства фінансаў і дэпутаты не сышліся ў поглядах, адзначае tut.by.
Частка самалётаў Ваенна-паветраных сілаў Беларусі да 2020 года выпрацуе свой рэсурс. Таму меркавалася, што новыя самалёты будуць купляцца за кошт бюджэту. Сярод іншага планавалася закупка чатырох Су-35С. На ўзбраенне ў Расіі гэтыя шматмэтавыя знішчальнікі паступілі ў 2014 годзе. Кошт аднаго самалёта Су-35 для Расіі складае каля 45-50 млн долараў, мадыфікацыя на экспарт — каля 83-85 млн долараў.
Аднак у бюджэце на 2017 год выдаткаў на закупку баявых самалётаў не прадугледжана. Намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў паведаміў, што сёлета Беларусь купляла вучэбна-баявыя самалёты Як-130, у наступным годзе плануецца купляць іншыя машыны. "Ёсць магчымасць выкарыстоўваць іншыя сродкі. Пры атрыманні дадатковых даходаў бюджэту мы будзем фінансаваць пытанні нацыянальнай абароны", — дадаў чыноўнік.
Запланаваная сума не абвяшчалася, бо Селіверстаў парэкамендаваў дэпутатам не агучваць дзяржаўную таямніцу ў прысутнасці журналістаў.