У Чэхіі перакуліўся аўтобус з беларускімі дзецьмі
У сераду, 6 студзеня, каля населенага пункту Літаборж у Чэхіі перакуліўся турыстычны аўтобус, у якім ехалі 49 дзяцей з Беларусі.
У аварыі 11 дзяцей атрымалі раненні, перадае Радыё "Свабода". На месца прыбылі некалькі брыгад хуткай дапамогі, пажарныя і верталёт ратавальнай службы.
Паведамляецца, што ДТЗ адбылося каля 11-й гадзіны мясцовага часу. Паводле папярэдняй версіі паліцыі, кіроўца недаацаніў складаныя ўмовы надвор’я і занадта хутка ехаў. На слізкай дарозе аўтобус занесла, і машына перакулілася на правы бок.
Траўмы атрымалі 11 дзяцей ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў. Аднаго 15-гадовага хлопчыка з цяжкімі траўмамі верталёт даставіў у шпіталь. Яшчэ адна дзяўчынка такога ж узросту атрымала раненне сярэдняй ступені цяжкасці. Астатнія дзеці атрымалі лёгкія траўмы.
Ратавальнікі даставілі ўсіх пасажыраў аўтобуса ў пасёлак Горжычкі. З імі працуе псіхолаг.