У Дэбальцаве ідуць вулічныя баі, баевікі захапілі вакзал і аддзел міліцыі
Украінскія падраздзяленні вядуць цяжкія баі ў поўным акружэнні.
17 лютага ў Дэбальцаве ў Данецкай вобласці ідуць вулічныя баі. Як вядома, горад утрымліваюць украінскія сілавікі (ад 6 да 8 тысяч чалавек), якія апынуліся ў поўным акружэнні (праўда, гэта да апошняга часу не прызнавала кіеўскае кіраўніцтва). Пасля абвяшчэння 15 лютага спынення агню (паводле мінскіх пагадненняў), кіраўнікі прарасійскіх баевікоў заявілі, што агонь у Дэбальцаве спыняць не будуць, прапанавалі акружаным украінскім вайскоўцам выйсці з горада без боя, пазней — здацца.
Як інфармуе УНІАН, у аўторак баевікі занялі аддзел міліцыі ў Дэбальцаве, а таксама чыгуначны вакзал (па іншых звестках, там яшчэ ідуць баі). Будынак міліцыі быў у выніку абстрэлаў амаль цалкам разбураны, таму ўкраінскія праваахоўнікі перайшлі ў іншы будынак, дзе ўмацаваліся і далей трымаюць абарону. Баевікі працягваюць абстрэльваць горад з артылерыі. Ці працуе ўкраінская артылерыя, невядома.
У штабе Антытэрарыстычнай аперацыі пацвярджаюць інфармацыю пра вулічныя баі ў Дэбальцаве. Адзначаецца, што яны адбываюцца на ўскраінах. "Тэрарысты штурмуюць наш базавы лагер. Асобныя групы тэрарыстаў спрабуюць патрапіць у само Дэбальцава", — цытуе словы начальніка прэс-цэнтра АТА Аляксандра Матузяніка ТСН.
Прадстаўнікі самаабвешчанай "ДНР" заяўляюць, што толькі сёння яны ўзялі ў палон каля 120 украінскіх вайскоўцаў.
Фота: Reuters