У Дняпры і Запарожжы дзецям раздалі рэчы Вікторыі Азаранка
Вікторыя Азаранка / reuters.com
Ва Украіне дзецям, якія займаюцца тэнісам, раздалі рэчы Вікторыі Азаранка. Раней яна перадала іх украінскаму тэнісісту Сяргею Стахоўскаму.
"Яна мне перадала сумку рэчаў Nike, непасрэдна яе рэчаў, — цытуе словы Стахоўскага btu.org.ua. — Доўгі час я не мог іх прымяніць, бо не было нейкіх майстар-класаў і не хацелася іх раздаць проста так. Нарэшце яны даехалі да Дняпра і Запарожжа — сёння я іх раздаў. Галоўнае, што дзецям гэта вялікі кайф, таму што гэта рэчы непасрэдна яе, гэта значыць яны нясуць вялікую тэнісную каштоўнасць для дзяцей. Таму я ўпэўнены, што гэта падыме ім настрой".
Сяргей Стахоўскі кажа, што з Вікторыяй Азаранка размаўляў на адкрытым чэмпіянаце Францыі. "Яна была адзіным чалавекам, хто да мяне падышоў, пачаў пазмаўляць і суперажываць, — расказвае ўкраінец. — Яна практычна пачала там плакаць з-за таго, што гэта ўсё адбываецца [вайна ва Украіне] і яна не ведае, што ёй рабіць і як ёй рэагаваць. Яна спытала, што яна можа зрабіць, і я ёй адказаў, што яна можа данаціць грошы, перадаваць рэчы: "Усё, што можаш рабіць, то і рабі".
Дзецям падарункі ад беларускі спадабаліся, дадаў тэнісіст.
У жніўні Вікторыю Азаранка не дапусцілі да ўдзелу ў дабрачынным матчы ў ЗША ў падтрымку Украіны. А на адкрытым чэмпіянаце ЗША ўкраінка Марта Касцюк не паціснула ёй руку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.