У допісах актывіста руху “За свабоду” не знайшлі абразы Лукашэнкі
Міліцыя скончыла праверку па заяве аб абразе Аляксандра Лукашэнкі актывістам Руху “За свабоду” Дзянісам Рабянком і адмовілася распачынаць крымінальную справу. Адпаведны ліст прыйшоў Рабянку з Калінкавіцкага РАУС. Праўда, кажа Дзяніс Рабянок, гэта не азначае, што кропка ў справе пастаўленая канчаткова.
Рабянок: “Цалкам законную сілу рашэнне набудзе тады, калі пракуроры напішуць, што рашэнне міліцыі было правільным. Акурат зараз з РАУС справу перадалі на ўзгадненне ў мясцовую пракуратуру”.
Нагадаем, на пачатку студзеня жыхар Мачулішчаў Вячаслаў Сафронаў напісаў заяву на Дзяніса Рабянка, у якой прасіў пакараць яго за абразу Лукашэнкі на падставе публікацыяў у сацсетцы “Вконтакте”. Па словах калінкавіцкага актывіста, у заяве была ўказаная старонка, якая яму не належыць. Само ж з’яўленне заявы Сафронава Рабянок у каментары Еўрарадыё звязаў са сваім зваротам у пракуратуру з патрабаваннем заблакаваць расійскі сайт “Рэгнум”.
Па словах Рабянка, падаваць заяву на Сафронава за паклёп ён не будзе. Тым не менш, актывіст прызнаецца, што зачыніў сваю старонку “Вконтакте”, бо апошнім часам туды яму прыходзіла шмат пагроз ад прыхільнікаў “рускага міру”.