У ЕС чакаюць, калі пра тактычную ядзерную зброю скажа Лукашэнка
Карыкатура dw.com
У Еўрасаюзе чакаюць, калі пра тактычную ядзерную зброю скажа Аляксандр Лукашэнка. Тады яго чакае адказ у выглядзе новых санкцый. Пра гэта заявіў прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Петэр Стана.
Пра планы размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі Уладзімір Пуцін заявіў увечары 25 сакавіка. Ён лічыць, што Расія не парушае рэжыму яе нераспаўсюду, паколькі РБ не атрымае кантролю за ядзернымі зарадамі. Беларускія дэмакратычныя сілы падкрэсліваюць, што наша краіна апынецца пад ударам.
"Мы не бачылі пацверджання ад Беларусі. Калі гэта здарыцца, то, вядома, будуць наступствы. Гэта [размяшчэнне ў РБ тактычнай ядзернай зброі РФ] будзе азначаць эскалацыю і пагрозу еўрапейскай бяспецы і не застанецца без адказу", — кажа прадстаўнік ЕС.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Жазэп Барэль назваў планы Масквы "пагрозай бяспекі Еўропы". Беларусь — дадатковы фактар рызыкі для Балтыйскага рэгіёну, заявілі ў МЗС Літвы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.