У Гомелі з АМАПам затрымалі выкладчыцу універсітэта
66-гадовую выкладчыцу затрымліваў АМАП / з архіва БЕЛТА
У Гомелі з АМАПам затрымалі выкладчыцу Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарту 66-гадовую Валерыю Дзяцук, паведамляе Радыё Свабода. Яна кандыдат хімічных навук, выкладае экалогію.
У кватэру пазванілі раніцай 7 сакавіка.
"Дзверы адчыніў тата, і ў дом уварваліся пяць чалавек. Закрычалі: "усім ляжаць, працуе АМАП!". Маму, тату і мяне збілі з ног, паклалі тварам у падлогу. Нічога не тлумачылі абсалютна, сказалі толькі: "Мы яе забіраем", — распавёў журналістам сын затрыманай Сяргей.
Па яго словах, супрацоўнікі, якія ўвайшлі ў кватэру, ўдарылі жанчыну ў твар. Сяргею нават здалося, што маці страціла прытомнасць.
"Яна была яшчэ ў начной бялізне, ёй нават не давалі апрануцца, маўляў, толькі пры нас, а то нож схавае пад вопратку. Калі выводзілі, яна плакала", — распавёў Сяргей.
З-за чаго затрымалі Валерыю Дзяцук, родныя не ведаюць — мяркуюць, што гэта можа быць з-за каментара ў адным з телеграм-чатаў.
Сітуацыя павінна высветліцца 9 сакавіка. Па словах Сяргея, ён чуў, што ў дачыненні да маці могуць распачаць крымінальную справу па артыкуле "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.