У Гомелі забаранілі пратэставаць супраць забароны сходаў
У нядзелю, 9 лютага, у цэнтры Гомеля была запланаваная акцыя пратэсту супраць забароны мірных сходаў. Удзельнічаць у ёй меркавалі 11 чалавек. Аднак нешта пайшло не так...
Напярэдадні акцыі Гомельскі гарвыканкам забараніў яе, бо арганізатар, актывіст Мікалай Пяшко, у заяўцы не пазначыў свой нумар тэлефона, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Акрамя таго, першы намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Атаманчук заявіў, што арганізатар акцыі не ўзяў на сябе меры "па забеспячэнні грамадскага парадку".
Арганізатар Мікалай Пяшко кажа, што хацеў на адкрытай пляцоўцы перад універмагам "Гомель" прыцягнуць увагу грамадскасці да пастаянных забаронаў мірных сходаў у горадзе. "У нашым горадзе, які налічвае больш за паўмільёна чалавек, чыноўнікі вызначылі толькі тры месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, прычым два з іх знаходзяцца ў лесапалосах гарадскіх ускраін. Мы вырашылі пратэставаць там, дзе нас маглі б пачуць гаражане, аднак нават на пратэст супраць забароны сходаў мы атрымалі забарону. На свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў у горадзе ўведзена фактычнае табу", — абураецца актывіст.
Цяпер ён плануе адстойваць сваё права ў судзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.