У Гомелі замест 100-годдзя БНР будзе "Баба Шанэль"
Гомельскі гарвыканкам не дазволіў мясцовым актывістам правесці святкаванне Дня Волі ў Гарадскім цэнтры культуры. У афіцыйным адказе, які прыводзіць у сацсетках Андрэй Стрыжак, гаворыцца, што там будуць праходзіць "раней запланаваныя мерапрыемствы".
Стрыжак дадае, што на гэты дзень у ГКЦ будуць паказваць драматычны фарс Мікалая Каляды "Баба Шанэль".
У каментары газеце "Новы час" мясцовая актывістка Марыя Булавінская распавяла, што на папярэдняй сустрэчы з чыноўнікамі ішла размова пра альтэрнатыўнае месца святкавання — палац культуры "ВІПРА". Але і на яго чыноўнікі не далі згоды.