У Гомельскай вобласці дазволілі плаціць падаткі натурай
У спісе прадпрыемстваў, якому дазволілі бартарныя аперацыі, ёсць і "Гомсельмаш" / gomselmash.by
У Гомельскай вобласці для некалькіх соцень прадпрыемстваў дазволілі тавараабменныя аперацыі. Мясцовыя ўлады зацвердзілі адпаведнае рашэнне, яно ўступіла ў сілу з 25 ліпеня. На гэта звярнуў увагу рэсурс "Флагшток".
Пералік уключае больш за 700 арганізацый. Большасць з іх размешчаныя ў Гомельскай вобласці і ўяўляюць сабой самыя розныя сферы дзейнасці: ад сельскай гаспадаркі і прамысловасці да гандлю і ЖКГ. У гэтым спісе зусім няма прыватных прадпрыемстваў. Затое ёсць БМЗ, Гомсельмаш і Беларуснафта, а таксама тры банкі (Банк развіцця, Беларусбанк і Белаграпрамбанк). Гэтым банкам дазволілі на бартарнай аснове аказваць паслугі фінансавага пасярэдніцтва 272 прадпрыемствам са спісу. Гэтыя прадпрыемствы змогуць разлічвацца за паслугі банкаў сваёй прадукцыяй. Акрамя таго, падобна, яны змогуць плаціць прадукцыяй і падаткі ў бюджэт. У пералік арганізацый уключаныя інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Гомельскай вобласці, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, галоўнае фінансавае ўпраўленне Гомельскага аблвыканкама. Яны таксама могуць аказваць паслугі "па бартары". Гэтыя ж 272 прадпрыемствы могуць "па бартары" рабіць адлічэнні і ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
"Флагшток" нагадвае, што апошні раз на тэрыторыі сучаснай Беларусі такія практыкі існавалі сто гадоў таму і называліся харчовым падаткам. З 1 студзеня 1924 года аплата падаткаў у СССР стала магчымая толькі грашыма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.