У Гродне палітвязні асуджаныя на 21 і 23 гады зняволення
Вадзім Пацэнка і Аляксей Кулікоў
У Гродне палітвязні Вадзім Пацэнка і Аляксей Кулікоў асуджаныя на 21 і 23 гады зняволення, паведамляюць праваабаронцы. Іх справу з лютага ў закрытым рэжыме разглядаў Гродзенскі абласны суд (суддзя — Валерый Раманоўскі). Прысуд быў агучаны яшчэ ў красавіку, але пра яго стала вядома толькі цяпер. Пацэнка асуджаны на 21 год калоніі, а Кулікоў — на 23 гады.
Іх прызналі вінаватымі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: "акт тэрарызму", "акт міжнароднага тэрарызму", "агентурная дзейнасць", "здрада дзяржаве" і "распальванне іншай сацыяльнай варожасці". Апошняе слова Аляксей Кулікоў сказаў па-ўкраінску, а Вадзім Пацэнка заявіў "аб наяўнасці ў яго дзеяннях палітычнай падаплёкі".
22-гадовы Пацэнка родам са Свіслачы, але жыў у Гродне. Яго затрымалі 3 сакавіка 2023 года. У прапагандысцкім фільме тады заявілі, што ён нібыта павінен быў здзейсніць дыверсію ў Гродне ("падарваць нафтабазу з дапамогай дрона і выбухоўкі").
Кулікову 36 гадоў. Ён — грамадзянін Расіі. Збег з РФ ад прызыву. У Беларусі яго затрымалі 26 лютага 2023-га. Па версіі КДБ, Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для "ўкраінскіх спецслужб" — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазы, генконсульства РФ.
Беларускія праваабаронцы прызналі Вадзіма Пацэнку (у верасні 2023-га) і Аляксея Кулікова (у сакавіку 2024-га) палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.