"У іх няма стрыжневай ідэі": Шрайбман пра патугі ідэолагаў уваскрэсіць сталінізм

Бюст Сталіна ў прыватным сектары Новасібірска / matveev12345.livejournal.com
Бюст Сталіна ў прыватным сектары Новасібірска / matveev12345.livejournal.com

Апошнім часам дзяржпрапаганда прымярае на Аляксандра Лукашэнку імідж боства. Гэта можа скончыцца сталінізацыяй Беларусі, калі цяперашняму беларускаму кіраўніку пры жыцці пачнуць узводзіць помнікі, а газеты з яго выявай нельга будзе выкідаць у сметніцу.

Але цяпер не трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Ці зможа прыжыцца культ асобы ў Беларусі?

— У апошнія дзесяцігоддзі савецкай сістэмы культ асобы лічыўся абсалютна негатыўным паняццем, — нагадвае палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. — Пакаленне Лукашэнак, беларускіх бумераў, вырасла на ідэі, што культ асобы — гэта зло, што яго трэба развенчваць і што ён прыводзіць краіну да нечага жудаснага. Калі цяпер Лукашэнка і ягоныя прапагандысты зноў сканструююць гэты культ асобы, то, мне здаецца, гэта звужае базу тых, хто гатовы гэта спажываць.

Хоць у Беларусі пакуль што няма культу асобы Лукашэнкі, але "чысткі непажаданых" ужо ідуць.

— У практыках "праваахоўных органаў" відаць, што рэпрэсіі становяцца не чымсьці маргінальным, рэдкім, а сістэмаўтваральным фактарам, — працягвае Арцём Шрайбман. — Сталінская сістэма была яшчэ і пра мабілізацыю, пра нейкія дасягненні і подзвігі. Маўляў, з аграрнай краіны робім вялікі рывок у індустрыялізацыю, праводзім эканамічныя скачкі. Рэгулярна прызначаем новыя групы ворагаў народа і зачышчаем іх цалкам. Таталітарная сістэма патрабуе не толькі культу асобы. Яна патрабуе яшчэ і нейкай мабілізацыйнай ідэалогіі.

Яны [ўлады. — Еўрарадыё] цяпер запісваюць Канстытуцыю. Дэмакратыя ў Беларусі, паводле Канстытуцыі, цяпер ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы, а не на аснове разнастайнасці ідэалогій. Яны робяць крок у таталітарны бок. Але ў іх няма гэтай ідэалогіі. У іх няма стрыжневай ідэі, вакол якой можна мабілізаваць сваіх прыхільнікаў.

Сталін будаваў камунізм. Што будуе Лукашэнка, што будуе гэтая сістэма? Яна, напэўна, можа адказаць на пытанне, чаго яна не будуе, чаму яна супраціўляецца. Ад гей-парадаў да прыватызацыі можна, напэўна, знайсці дзясятак каштоўнасцяў або ідэй, якім сістэма Лукашэнкі супраціўляецца. Але вось што яна будуе — яны адказаць не могуць. Таму я не бачу, як гэта можа дайсці да паўнавартаснага сталінізму, — падсумоўвае Шрайбман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі