У Іране абвясцілі ўсенародную жалобу па ахвярах землятрусу
14 лістапада ў Іране абвясцілі ўсенародны дзень жалобы па ахвярах землятрусу, перадае БЕЛТА. Раней трохдзённая жалоба была абвешчаная ў іранскай правінцыі Керманшах, якая атрымала найбольшы ўрон ад стыхіі.
Землятрус на мяжы Ірана і Ірака адбыўся ўвечары 12 лістапада. Адзін за адным адбыліся два штуршкі магнітудай 7,2 і 7,3 бала адпаведна.
На цяперашні момант вядома пра больш як 450 ахвяраў стыхіі, і іх колькасць працягвае расці. Пацярпелымі ад землятрусу называюць 7000 чалавек. Дзясяткі тысяч людзей засталіся без жылля і жывуць цяпер у намётавых мястэчках.
У раёне бедства ідуць пошукава-выратавальныя аперацыі. Мноства людзей могуць па-ранейшаму знаходзіцца пад заваламі.