У Івацэвічах міліцыянт смяротна параніў сябе
35-гадовы ўчастковы стрэліў сабе ў жывот з табельнай зброі.
Па інфармацыі Еўрарадыё, трагедыя адбылася ў вёсцы Яглевічы Івацэвіцкага раёна. Тамтэйшы ўчастковы быў знойдзены, цяжка паранены ў жывот. Праз некалькі гадзінаў ён сканаў у лякарні. Праверыць гэтую інфармацыю пакуль не атрымалася.
Па інфармацыі “Комсомольской правды в Белоруссии”, смяротнае раненне ўчастковы сапраўды атрымаў, калі быў дома. Раненне “не звязанае з выкананнем службовых абавязкаў. Пасля ён [паранены ўчастковы. — Заўв. Еўрарадыё] памёр у рэанімацыйным аддзяленні цэнтральнай раённай лякарні”, — цытуе “Камсамолка” афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Руслана Макарука.
Як паведамілі “Нашай ніве” у аддзеле інфармацыі УУС Брэсцкага аблвыканкама, гэта быў няшчасны выпадак. Маўляў, каля двух тыдняў таму ўчастковы міліцыянт параніўся з пісталета і сам па тэлефоне выклікаў “хуткую дапамогу”.
Па інфармацыі з розных крыніцаў, міліцыянт памёр 10 ці 12 ліпеня.
Фота: "Наша ніва".