У Канах пачаўся фестываль рэкламы, беларусы ўдзельнічаюць у "Маладых ільвах"
"Маладыя львы" ў Канах / www.facebook.com/olga.samojlova
17 ліпеня ў Канах стартаваў міжнародны фестываль рэкламы "Канскія львы". У івэнце ўдзельнічаюць і беларускія рэкламісты. Крэатыўны капірайтар Vondel Раман Герасімаў піша, што згадка Беларусі па-ранейшаму выклікае пытанне ў вачах людзей, але сёлета растлумачыць, дзе гэта, лёгка дзякуючы серыялу "Чарнобыль" — яго ўсе глядзелі!
Беларускія каманды ўдзельнічаюць у "Маладых ільвах" — конкурсе маладых рэкламістаў. Напрыклад, каманды з getbob agency вырашаюць кейс для WWF — Фонду дзікай прыроды. "Вы ўжо напэўна паснедалі. Напрыклад, гэта быў ёгурт. А ён стаў прычынай высякання лесу памерам з футбольнае поле. Упс! — апісвае заданне акаўнт-дырэктар getbob Вольга Самойлава. — Перад намі стаіць задача распрацаваць pr-стратэгію так, каб вытворчасць ежы перастала быць асноўнай прычынай высякання лясоў па усімі свеце. Купляй ежу ў меру, еш колькі табе рэальна трэба, а не колькі можаш сабе дазволіць".
Іншыя каманды вырашаюць заданне ад міжнароднай арганізацыі The Lotus Flower, якая дапамагае жанчынам у Іраку аднавіцца і адаптавацца пасля ваенных і палітычных узрушэнняў. Трэба прапанаваць медыйнае рашэнне, як расказаць усяму свету пра гэтую арганізацыю.
Фестываль будзе доўжыцца да 21 чэрвеня. Сачыць за ім можна ў "Твітары" — там і самыя цікавыя фрагменты з выступаў спікераў, і актуальная інфармацыя аб тым, хто атрымлівае Гран-пры.