У Кангрэс ЗША падалі праект "Закону аб адказнасці Беларусі за агрэсію"

У Кангрэс ЗША падалі праект "Закону аб адказнасці Беларусі за агрэсію"

Беларусь можа быць пакараная за агрэсію Расіі супраць Украіны, калі падтрымае Расію ў магчымай вайне. Пра гэта гаворыцца ў праекце "Закону аб адказнасці Беларусі за агрэсію", які сенатар-рэспубліканец Джэймс Лэнкфард унёс у верхнюю палату Кангрэсу ЗША, піша "Радыё Свабода".

Згодна з дакументам, санкцыі тычацца любой дзяржавы, якая падтрымае Расію ў нападзе на Украіну.

"Беларусь упускае ў сваю краіну тысячы расійскіх вайскоўцаў на мяжу з Украінай. ЗША павінны дакладна даць зразумець, што да ўсякай краіны, якая падтрымае спробы Расіі ўварвацца ва Украіну, будуць ужытыя жорсткія эканамічныя і дыпламатычныя санкцыі", — гаворыцца ў заяве сенатара.

Санкцыі могуць быць уведзеныя ў выпадках сумеснага ўдзелу ў нападзе; надання матэрыяльнай, тактычнай ці іншай падтрымкі расійскаму ўварванню; размяшчэння расійскіх войскаў, якія ўдзельнічаюць у нападзе, на сваёй тэрыторыі; падчас супрацы з расійскай выведкай і паставак летальнай зброі падчас ваеннай агрэсіі.

Законапраект таксама прадугледжвае справаздачу перад Кангрэсам аб вайсковай супрацы Расіі і Беларусі ад Дзяржаўнага дэпартаменту, міністэрстваў фінансаў і абароны ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі