У Кіеве арыштавалі былога кіраўніка штаба батальёна “Айдар”
Пячорскі суд Кіева арыштаваў былога начальніка штаба батальёна “Айдар” Валянціна Лыхаліта. Яго абвінавачваюць у тым, што ён адабраў тэхніку ў супрацоўнікаў адміністрацыі Севераданецка.
Пасля вынясення пастановы аб арышце, у зале суда адбылася сутычка. Затым паплечнікі Лыхаліта ўсю ноч блакавалі будынак суда, каб яго не везлі ў ізалятар.
Валянцін Лыхаліт упэўнены, што справу супраць яго сфабрыкавалі па загадзе першага камандзіра “Айдара”, дэпутата Вярхоўнай рады Украіны Сяргея Мельнічука.
Добраахвотніцкі батальён “Айдар” удзельнічаў у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны супраць прарасійскіх сепаратыстаў. Пры гэтым міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заяўлялі, што чальцы фармавання займаліся незаконнымі затрыманнямі і выкраданнямі людзей. У батальёне былі частымі канфлікты паміж байцамі і кіраўніцтвам.
У “Айдары” служыла і Надзея Саўчанка, асуджаная ў Расіі, а затым абмененая на дваіх расійскіх грамадзян, перадаюць замежныя СМІ.