У Кітаі адкрылася альтэрнатыва Сусветнаму банку
У суботу, 16 студзеня, у Пекіне адкрыўся Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый (AIIB), які СМІ называюць патэнцыйным супернікам Сусветнага банка. У цырымоніі адкрыцця ўзяў удзел ініцыятар стварэння банка, старшыня КНР Сі Цзіньпін.
У сваім выступе ён заявіў, што стварэнне банка дазволіць “палепшыць магчымасці для інфраструктурнага будаўніцтва ў Азіі і будзе спрыяць рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі”.
“Разлічваем, што краіны-ўдзельніцы будуць павялічваць свае ўкладанні. Банк будзе прытрымлівацца адкрытай пазіцыі і будзе адкрыты для кантактаў з іншымі эканамічнымі структурамі рэгіёна”, — заявіў старшыня КНР.
Як паведамляе Financial Times, аналітыкі ўжо называюць AIIB патэнцыйным супернікам Сусветнага банка, які знаходзіцца ў Вашынгтоне. Працэс яго стварэння пачаўся ў 2013 годзе. Сёння ў спісе арганізатараў акрамя Кітая 57 краін, у тым ліку Індыя, Сінгапур, В’етнам, Філіпіны, Манголія, Бангладэш, Казахстан, Пакістан, Катар, Узбекістан, Расія, а таксама Вялікабрытанія, Германія, Францыя і Італія. Уступленне апошніх у AIIB выклікала негатыўную рэакцыю ЗША.
Рэгіянальныя акцыянеры (37 краін, уключаючы Расію) будуць валодаць 75% капіталу банка, а нерэгіянальныя дзяржавы (у цяперашні час гэта 20 краін, уключаючы Бразілію, Германію, Францыю, Вялікабрытанію) — 25%. Штаб-кватэра банка месціцца ў Пекіне, паведамляе РБК.
Крыху раней, у ліпені мінулага года, у Шанхаі адкрыўся Новы банк развіцця БРІКС — іншая фінансавая арганізацыя, якую разглядаюць у якасці альтэрнатывы Міжнароднаму валютнаму фонду (МВФ). Банк збіраўся фінансаваць інфраструктурныя і дэвелаперскія праекты ў Бразіліі, Расіі, Індыі, Кітаі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
Палітолаг, міжнародны аглядальнік, эксперт па пытаннях Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў кажа, што гэтыя крокі паказваюць нам на тое, як расце роля Кітая сярод галоўных міжнародных інвестараў.
“Чым далей, тым больш рашуча Пекін набывае ролю галоўнага інвестара, нашмат больш незалежнага за сусветныя фінансавыя інстытуты, які здольны вызначаць палітыку (у тым ліку і эканамічную) у Цэнтральнай, Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама на пост-савецкай прасторы”.
Але мэта Кітая, гэта не Паўднёва-Усходняя Азія, і нават не Расія. Эксперт кажа, што адкрыццё банка — адзін са стратэгічных крокаў у барацьбе Пекіна супраць Вашынгтона.
“Без стварэння фінанасвых інструментаў, якія ў далейшым змогуць нават паставіць пад сумневы Брэтан-Вудскую сістэму, дзе долар з’яўляецца галоўнай сусветнай рэзервнай валютай, гэтая бітва бесперспектыўная. Па сутнасці, гэтая падзея фіксуе пэўны этап на шляху да кітайскага дамінавання”, — выказвае меркаванне Аркадзь Дубноў.
Удзельнікамі устаўнога капітала AIIB з’яўляюцца і краіны ЕС, што сведчыць пра нарастаючую патрэбу Еўропы ў рынках, інвестыцыях, тэхналогіях, кажа эксперт. Акрамя гэтага Еўрасаюз не жадае ўцягвацца ў барацьбу паміж Кітаем і ЗША. Стаўшы удзельнікамі Сусветнага банка і адначасова AIIB, краіны ЕС прыстасоўваюцца да новай сусветнай дыспазіцыі, дзе Еўропа ўжо не будзе эканамічным драйверам росту.
Беларусь пакуль не з’яўляецца суфундатарам гэтага банка, але, на думку Аркадзя Дубнова, можа разлічваць на крэдыты ад яго. Бо, як паказвае сусветная практыка, быць удзельнікамі ўстаўнога капітала не абавязкова для таго, каб атрымаць ад фінансавай установы пазыку.