У Круглым бізнесоўца асудзілі на 6,5 года — за пратэсты і нявыплату падаткаў
Аляксандр Калін
Вядомага ў Круглым бізнесоўца Аляксандра Каліна асудзілі на 6 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Марына Вецярэц прызнала яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 3 арт. 243 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК), пішуць праваабаронцы. Таксама ў бізнесоўца канфіскацуюць пэўную маёмасць.
У жніўні 2020-га старшыня Круглянскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў на праўладным мітынгу публічна абразіў Аляксандра Каліна за ягоную грамадзянскую пазіцыю. У адказ Калін з калегамі ад імя прадпрымальнікаў вярнулі ў райвыканкам больш за дзясятак узнагарод, грамат і падзяк, атрыманых ад чыноўнікаў. Дыпломы яны расклалі на ганку райвыканкама.
Пэўны час улады не чапалі прадпрымальніка. Але 27 лютага 2023 года супрацоўнікі ДФР і Следчага камітэта ўзялі Каліна пад варту. Спачатку яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. А потым пачалі на яго крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.