У Латвіі бастуюць тысячы настаўнікаў. Беларуская школа ў Рызе ўстрымалася

У Латвіі бастуюць тысячы настаўнікаў. Беларуская школа ў Рызе ўстрымалася

У Латвіі праходзіць забастоўка работнікаў сферы адукацыі. 27 лістапада на працу не выйшлі 24,5 тысячы настаўнікаў, выхавацеляў і выкладчыкаў ВНУ. Яны пратэстуюць супраць новай рэформы адукацыі. Прафсаюз не згодны з тым, як будуць налічвацца заробкі.

Сёння ў Латвіі на ўстанову адукацыі дзяржава выдаткоўвае сродкі ў залежнасці ад колькасці вучняў — чым больш вучняў, тым больш грошай. Рэформа прадугледжвае іншую сістэму размеркавання, пасля якой не ў найлепшым становішчы акажуцца работнікі дзіцячых садкоў і ВНУ.

Каб пазбегнуць такой сітуацыі, прафсаюз вёў перамовы з прадстаўнікамі палітычных партый, з міністэрствамі, нават з прэзідэнтам краіны. Але яны скончыліся безвынікова, і настаўнікі вырашылі правесці аднадзённую папераджальную забастоўку.

У пятніцу на працу не выйшлі амаль 40% работнікаў сферы адукацыі ў 911 установах па ўсёй краіне.

У Латвіі бастуюць тысячы настаўнікаў. Беларуская школа ў Рызе ўстрымалася

Старшыня прафсаюза Інга Ванага кажа, што Міністэрству адукацыі было выстаўленае патрабаванне: да 7 снежня ведамства мусіць пераглядзець план рэформы і прадставіць яго прафсаюзу.

“9 снежня ў нас будзе пасяджэнне рады. Толькі яна зможа вырашыць, якімі будуць нашы далейшыя крокі. Яны будуць залежаць ад таго, як будзе рэагаваць міністэрства”, — кажа старшыня арганізацыі.

Сёння сярэдні заробак школьнага настаўніка Латвіі складае каля 600 еўра. Выхавацелька дзіцячага садка атрымлівае каля 500 еўра. Лектар у вышэйшай навучальнай ўстанове — каля 600 еўра.

У Беларусі сярэдні заробак настаўніка, паводле Белстата, — 4,9 млн (252 еўра). Выхавацель дзіцячага садка атрымлівае 3,5 млн (180 еўра). Сярэдні заробак супрацоўніка ВНУ — каля 8 млн (413 еўра).

Еўрарадыё параўноўвае, колькі на свае заробкі можа набыць выкладчык з Беларусі і Латвіі. За агульную меру прымаем кошык з прадуктамі, у які уваходзіць літр малака, вараная каўбаса (400 г) і чорны хлеб. Такі кошык у Латвіі прыблізна каштуе 3 еўра, у нас — 2,1.

Латвійскі прафсаюз патрабуе, каб пасля рэформы выхавацелі ў садках атрымлівалі 700-800 еўра (дзяржава гатовая плаціць толькі 580-760); асістэнт у ВНУ — 625, а рэктар — 1835 (цяпер 481 і 1410 адпаведна). Меркаванне па заробках школьных настаўнікаў у прафсаюза разыходзяцца нямоцна, яго плануюць падняць да 800-1050 еўра.

А вось адзіная беларускамоўная школа ў Рызе да забастоўкі не далучылася. Яе дырэктарка Ганна Іванэ кажа, што школа існуе ў Латвіі на выгадных умовах у параўнанні з іншымі адукацыйнымі ўстановамі, і рэформа не прынясе настаўнікам праблем.

Мы маем права атрымліваць адукацыю на роднай мове, маем права адкрываць няпоўныя класы. І мы атрымліваем за гэта поўную зарплату, як настаўнікі, якія працуюць з класамі па 30 чалавек. У нас значна меншыя класы, але тым не менш школа існуе. Разам з тым, мы падтрымліваем сваіх калег з іншых школаў, але працуем у звычайным рэжыме”, — распавядае дырэктарка.

У Латвіі сітуацыя ў сферы адукацыі цікавая яшчэ і тым, што сярод выкладчыкаў мала маладых спецыялістаў. Толькі каля 8% — ва ўзросце да 29 гадоў, а 32% — 50-59 гадоў, старэйшых за 60 гадоў — 12%. Інга Ванага тлумачыць, што маладыя людзі не хочуць ісці ў сферу адукацыі праз вельмі нізкія заробкі. І калі сітуацыю не змяніць, хутка не будзе каму выкладаць зусім.

Галоўнае фота: phillip-hodges.deviantart.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі