У Літве пачалі крымінальную справу за гвалт з боку беларускіх міліцыянтаў
У Літве паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі пачалі крымінальную справу па катаваннях, учыненых беларускімі сілавікамі. Пацярпелым па справе праходзіць маладзечанец Віталь Алейнік, які працуе ў Мінску. Менавіта ў сталіцы яго затрымалі 23 верасня — у дзень, калі адбылася таемная інаўгурацыя Аляксандра Лукшэнкі, што выклікала масавыя акцыі пратэсту.
Мужчыну затрымалі на вуліцы Леніна каля кавярні "Дранікі" невядомыя людзі ў аліўкавай форме. Яму заламалі рукі, начапілі сцяжкі і пасадзілі ў машыну. 25 верасня яму прысудзілі 15 сутак.
Арышт ён адбываў у жодзінскай турме, дзе яго збілі дубінкай. Пасля выхаду на волю Алейнік зняў пабоі ў адным з медцэнтраў.
Маладзечанец абскарджваў свой прысуд у Беларусі, дайшоўшы да Вярхоўнага суда. Ён заявіў адвод усяму складу суда і нагадаў пра Нюрнбергскі трыбунал.
Спярша Алейніку адмовілі ў тым, каб пачаць крымінальную справу па факце гвалту супраць яго ў жодзінскай турме. Аднак маладзечанец дамогся, каб Мінская абласная пракуратуры адмяніла гэтую пастанову — справа адпраўленая дадатковую праверку. Каманда Алейніка патрабуе прыцягнуць да адказнасці тых, хто адмовіўся адразу пачынаць справу.
Раней паведамлялася, што ў Літве пададзеныя пяць справаў супраць беларускіх сілавікоў па ўніверсальнай юрысдыкцыі, а ў Польшчы рыхтуецца яшчэ 11. Найбольшую вядомасць атрымала справа ўладальніка кветкавай крамы Максіма Харошына, збітага пасля затрымання так, што яму спатрэбілася шпіталізацыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.