У Літве прапануюць ануляваць візы ў незаконных перавозчыкаў з Беларусі

У Літве хочуць змагацца з незаконнымі перавозкамі з Беларусі

У Літве хочуць змагацца з незаконнымі перавозкамі з Беларусі / pexels.com

Кіроўцам, якія нелегальна перавозяць пасажыраў у Беларусь і назад, у выпадку паўторнага парушэння правілаў трэба ануляваць візы. З такой прапановай выступіў кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызіснымі сітуацыямі Літвы Вілмантас Віткаўскас у эфіры LRT Radijas.

За апошнія паўгода ў Літве праверылі больш за 60 аўтобусаў, якія перавозяць пасажыраў у Беларусь. Толькі адзінкі з іх абышліся без парушэнняў. У 25 выпадках кіроўцы аўтобусаў не мелі неабходнага дазволу на паездку.

6 лютага стала вядома, што Камісія па нацыянальнай бяспецы (КНБ) Літвы прапанавала паступова скарачаць колькасць дазволаў на рэгулярныя аўтобусныя перавозкі беларускім і літоўскім кампаніям. У КНБ спаслаліся на рызыку ў сувязі з транзітнымі патокамі з Беларусі праз літоўскую тэрыторыю і дзейнасцю беларускіх спецслужбаў. Падтрымала гэтую прапанову міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Таксама у КНБ прапанавалі зачыніць памежныя пункты Лаварышкес (Катлоўка на беларускім баку) і Райгардас (Прывалка). Каментуючы гэтую ініцыятыву лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская заклікала Вільню "не будаваць жалезную заслону".

Цяпер паміж Літвой і Беларуссю курсіруюць 58 маршрутаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі