У Літве зноў загаварылі пра закрыццё мяжы з Беларуссю
Пункт пропуску Відзы на беларуска-літоўскай мяжы / @gpkgovby
Пакуль ПВК "Вагнер" знаходзіцца ў Беларусі, закрыццё некаторых пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы — гэта пытанне часу, заявіў у інтэрв'ю рэсурсу lrt.lt кіраўнік камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Сейма Лаўрынас Кашчунас. Па яго словах, камітэт "яшчэ пару месяцаў таму прыняў рэкамендацыю — падумаць аб закрыцці некаторых памежных пунктаў". Кашчунас кажа, што "закрыццё некаторых пунктаў — гэта толькі пытанне часу" і "гэта напэўна будзе здзейснена".
"Я, мабыць, зараз не буду паглыбляцца ў дэталі, але як толькі мы ўбачым, што сітуацыя абвастраецца, будзе прынятая пастанова і аб поўным закрыцці мяжы", — падкрэсліў кіраўнік камітэта літоўскага Сейма.
Рэсурс нагадвае, што на нядаўняй сустрэчы ў Сувалкскім калідоры з польскім калегам Анджэем Дудам прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Вільня, Варшава і Рыга павінны быць гатовыя разам закрыць мяжу з Беларуссю, калі праблема бяспекі праз наймітаў "Вагнер" абвострыцца. Улады Польшчы раней таксама заявілі аб магчымасці поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.