У Літвы няма інфармацыі пра магчымыя правакацыі вагнераўцаў на мяжы
Гітанас Наўседа / ELTA
На цяперашні час у Літвы няма інфармацыі пра магчымыя правакацыі на мяжы з боку наймітаў ПВК "Вагнер", дыслакаваных у Беларусі. Пра гэта заяўляе прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа, піша Delfi.
Пры гэтым ён удакладняе, што прысутнасць вагнераўцаў сведчыць, што такія правакацыі могуць быць учыненыя як супраць Польшчы, так і супраць Літвы і Латвіі. "Таму мы будзем сачыць за іх дзеяннямі, мы ўзмацнілі свае разведвальныя магчымасці, прысвечаныя гэтай праблеме, будзем сачыць за сітуацыяй і будзем гатовыя рэагаваць у выпадку неабходнасці", — падкрэслівае Наўседа.
Пагрозу правакацый з боку вагнераўцаў ён ацэньвае як сур'ёзную. Пры неабходнасці, па словах Наўседы, на мяжы будзе выкарыстанае літоўскае войска.
"Няма ніякіх перашкод для таго, каб літоўскае войска прыйшло на дапамогу памежнікам, і гэта абавязкова будзе зроблена", — дадае прэзідэнт Літвы.
Як паведамляла Еўрарадыё, Літва, Польшча і Латвія могуць прыняць сумесную пастанову аб закрыцці мяжы з Беларуссю ў выпадку правакацый з боку вагнераўцаў. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус.
Суседзі Беларусі сталі актыўна ўзмацняць свае межы пасля прыбыцця вагнераўцаў у нашу краіну. Напярэдадні каля мяжы з Беларуссю заўважылі польскіх снайпераў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.