У Лошыцкім яры прайшла акцыя памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій
У шэсці і мітынгу, санкцыянаваным мінскімі гарадскімі ўладамі, прыняло ўдзел каля 50 чалавек.
Удзельнікі акцыі сабраліся каля Палацу культуры “Лошыцкі” і прайшлі да Лошыцкага яру. Там, ля памятнага знаку ахвярам сталінскіх рэпрэсій адбыўся паўгадзінны мітынг.
Выступаючы на ім, намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі заклікаў грамадзян Беларусі карыстацца беларускай мовай.
“Сёння мы знаходзімся ў стане акупацыйнай вайны з Расіяй. Толькі наша беларуская мова можа паставіць заслон гэтай агрэсіі”, — лічыць палітык. “Размаўляючы па-руску, ты пасіўна вынішчаеш беларусаў”, — цытуе БелаПАН Беленькага.
Палітык заявіў, што цяперашнія ўлады Беларусі хаваюць у Лошыцкім яры “нешта важнае і ганебнае для сябе”. “Рэжым не хоча раскрываць праўды аб бальшавіцкіх рэпрэсіях. На гэтым месцы ў свабоднай Беларусі з’явіцца мемарыял, справядлівасць будзе адноўленая”, — упэўнены Юрась Беленькі.