У Магілёве будуюць арку за два мільёны долараў

У Магілёве будуюць арку за два мільёны долараў

На ўскрайку Магілёва па дарозе ў Мінск будуюць трыўмфальную арку. Яе кошт, як высветліў сайт mspring.online у ананімнай крыніцы ў гарвыканкаме, будзе каля 4 мільёнаў рублёў (амаль 2 мільёны долараў). 

Праект называецца "Добраўпарадкаванне кальцавога перасячэння на ПК151 — узвядзенне аркі з падземным пераходам. Арка аб'ект №17.17". Замоўцам выступае Упраўленне камунальнага будаўніцтва Магілёва.

На пачатку распрацоўкі каштарыс праекта складаў 4 212 976 рублёў. Пазней ён зменшыўся да 3 849 121 рубля. 

У ліпені 2017 года, калі будаўніцтва пачалося, магілёўская прэса пісала, што толькі на надземную частку пойдзе "каля 500 тысяч рублёў". Частку гэтых сродкаў планавалася сабраць з магілёўцаў.

У красавіку 2018-га газета "Вестник Могилева" паведаміла, што арку будуць рабіць "выключна за кошт ахвяраванняў гараджан, добраахвотнага ўдзелу неабыякавых, у тым ліку магілёўскіх і не магілёўскіх прадпрыемстваў і арганізацый". 

І ўрэшце 23 траўня ў сацсетках з'явілася інфармацыя, што магілёўскі гарвыканкам просіць арганізацыі горада "разгледзець магчымасць аказання спонсарскай дапамогі на будаўніцтва аркі на Мінскай шашы". Даручэнне даў асабіста старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

Гарадскія ўлады спасылаюцца на тое, што арка ўпрыгожыць абласны цэнтр "з улікам правядзення у 2018 годзе V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі". На гэтае мерапрыемства, дарэчы, Аляксандр Лукашэнка паклікаў свайго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна.

У Магілёве будуюць арку за два мільёны долараў
Фота з сацсетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі