У мазырскіх школах збіраюць грошы на ўсталяванне турнікетаў
У мазырскіх школах плануюць устааляваць турнікеты. Пра гэта паведамляе тэлеканал "Белсат".
Паведамляецца, што пытанне турнікетаў абмяркоўвалася на агульным сходзе бацькоў у актавай зале. З кожнага вучня кожнага класу хочуць спагнаць па 10 рублёў, а ў наступныя месяцы — па 2 рублі. На сходзе ўсе бацькі выказаліся супраць турнікетаў.
"Тады ім сказалі ісці ў кабінеты. Менавіта ў класе класная майго пляменніка рыдала і ўгаворвала падпісаць дамовы, сказаўшы, што сама ўсё аплаціць са свайго заробку", — паведаміў у сацсетках адзін з жыхароў Мазыра.
У мазырскіх школах журналістам "Белсата" пацвердзілі, што ідуць такія апытанні, але паведаміць падрабязнасці адмовіліся.
Дырэктар адной з гарадскіх школаў ананімна пракаментаваў ідэю з турнікетамі: "Калі б вы пабачылі наш хол, вы б зразумелі, што турнікет там — забойства. Прыдумалі пасля Стоўбцаў. Калі што, хто запэўніць бяспеку 1200 дзецям? Я даслаў здымкі ў Мінск, ужо два тыдні маўчаць, нічога не адказваюць. Ніхто з бацькоў гэтых турнікетаў не пацягне. А пагатоў камеры, на якія патрэбныя праекты, ліцэнзія Дэпартаменту аховы, усталяванне. Няма такіх грошай. А ўсё астатняе — плясканне языком".
Узмоцненай бяспекай у школах заняліся пасля трагедыі ў Стоўбцах. Там вучань 10-га класа зарэзаў нажом настаўніцу і аднаго школьніка, а таксама цяжка параніў яшчэ двух.