У Мінску падаражэла прымусовая эвакуацыя аўтамабіляў
Эвакуацыя аўтамабіля / autogrodno.by
Мінгарвыканкам перагледзеў тарыфы на прымусовую эвакуацыю і захоўванне транспартных сродкаў. Цэны на буксіроўку, напрыклад, выраслі на 26%. Калі дагэтуль за гэта трэба было заплаціць 63 рублі, то з сённяшняга дня — 80 рублёў. Тарыф на транспартаванне аўтамабіля з частковай пагрузкай на эвакуатар вырас з 53 да 65 рублёў.
Суткі захоўвання на штрафстаянцы цяпер абыдуцца ў 8 рублёў за першыя трое сутак (дагэтуль было 7,4). За 4-9 сутак захоўвання ўладальніку аўтамабіля выставяць рахунак з разліку 4,5 рублі за суткі, за 10-я і наступныя суткі захоўвання — 3,5 рублі за суткі.
У пастанове Мінгарвыканкама гаворыцца, што яна ўступае ў сілу з дня апублікавання. Дакумент ужо з'явіўся на Нацыянальным прававым партале.
Нагадаем, апошні раз тарыфы на эвакуацыю і захоўванне аўтамабіляў мяняліся восенню 2019 года. Між тым гадавая інфляцыя ў красавіку 2022-га года складала 16,8%. Гэта дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.