У Мінэнерга расказалі, чаму зноў адключылася БелАЭС

Беларуская АЭС / Еўрарадыё​
Беларуская АЭС / Еўрарадыё​

Найбліжэйшым часам першы энергаблок зноў будзе ўключаны ў сетку, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча.

У Каранкевіча спыталі, што зноў адбылося на станцыі, чаму ў сераду зноў давялося адключаць першы энергаблок ад сеткі.

"Паступіў адзін некарэктны сігнал, які прывёў да спрацоўвання аўтаматычнай сістэмы абароны, і блок быў адключаны ад сеткі", — адказаў ён. Міністр таксама расказаў, што "па выніках дыягностыкі, усе тэхналагічныя сістэмы і абсталяванне знаходзяцца ў працаздольным стане".

Напярэдадні Дзяржатамнагляд узгадніў пуск блока. Быў пачаты вывад рэактарнай устаноўкі на мінімальна кантраляваны ўзровень з наступным павелічэннем магутнасці.

Першы блок БелАЭС запусцілі год таму — у лістападзе 2020 года. За гэты час яго неаднаразова адключалі і зноў уключалі ў сетку. У шэрагу выпадкаў энергетыкі тлумачылі гэта планавымі працамі. Але вядома і пра некалькі паломак на станцыі. У прыватнасці, амаль тры месяцы — з сярэдзіны ліпеня да пачатку кастрычніка — спецыялісты займаліся дыягностыкай тэхналагічных сістэм і вузлоў турбагенератара, увесь гэты час блок не быў падключаны да сеткі. Падчас дыягностыкі высветлілася, што патрэбная "замена аднаго з элементаў узбуджальніка турбагенератара". Блок уключылі ў сетку толькі 4 кастрычніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі