У Мінгарсудзе судзяць трох выкладчыкаў БНТУ
У Мінскім гарадскім судзе 18 студзеня пачалося слуханне крымінальнай справы трох выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта.
Як піша "Комсомольская правда", 74-гадовага Уладзіміра Собалева, 57-гадовага Аляксандра Чычко і 56-гадовую Вольгу Чычко вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Па версіі следства, яны незаконна арганізавалі працу часовага навуковага калектыву, прыўлашчвалі грошы, складалі ліпавыя справаздачы, а насамрэч ніякай працы не праводзілі. Таксама следчыя лічаць, што выкладчыкі не па прызначэнні выкарыстоўвалі дзяржаўныя фінансы і нанеслі шкоду на 170 мільёнаў рублёў.
Як удакладняе БЕЛТА, абвінавачаныя рэгістравалі камп'ютарныя праграмы на фізічных асоб з парушэннем стандартаў законнасці. Гэтыя дзеянні парушылі выключнае права ўласнасці БНТУ на вынікі навукова-даследчых работ.
Самі выкладчыкі БНТУ з абвінавачваннямі не пагадзіліся.