У Мінску можна атрымаць рэгі-адукацыю па ямайскім узоры

"Each one teach one inna Babylon" — пад такім дэвізам працуе інтэрнэт-аб’яднанне Reggae.by. Арганізатары партала абяцаюць патлумачыць кожнаму, што ж насамрэч уяўляе сабой выраз, які стаў крылатым у рэгі-выканаўцаў па ўсім свеце.



“Ідэя аб тым, што кожны чалавек можа стаць настаўнікам для іншага ўзнікла не на пустым месцы. На Ямайцы і ў Англіі, нягледзячы на вялікую папулярнасць рэгі, радыё і тэлебачанне былі зачыненыя для музыкі бедных цемнаскурых жыхароў гета. Толькі шчасліўцы, такія як Боб Марлі, траплялі ў "скрыню" і ў ратацыі на вядомых радыёстанцыях. Для астатніх адзіным сродкам "мас-медыя" былі гукасісітэмы. Кожны, хто хацеў нешта данесці да людзей, мог напісаць песню і яе б пачулі сотні людзей на дыскатэцы”, — тлумачаць арганізатары канцэпцыю сваёй дзейнасці.



Сайт Reggae.by запрацаваў у якасці асветніцкага праекта — стваральнікі перакладалі для партала адмысловыя артыкулы і зрабілі ўласнае радыё. А пасля наважыліся на наступны крок — зладзілі ўласную гукасістэму.



“Усе гэтыя гады мы працавалі над стварэннем першай сапраўднай гукасістэмы ў Беларусі, мэтай якой з’яўляецца менавіта прасоўванне музыкі рэгі і ўдзел у культурных мерапрыемствах, — тлумачыць адзін са стваральнікаў партала і гукасістэмы Dub Rovah Вадзім.Гэта моцная аўдыёсістэма, якая прынамсі ў нас спраектаваная пад музыку рэгі. Усе гэта мы рабілі сваімі рукамі, а цяпер плануем выкарыстоўваць яе для нашых імпрэз і вечарынак”.



Бліжэйшая з такіх reggae-party адбудзецца ўжо 30 лістапада. Гэта першая з серыі вечарынак, якія будуць мець не толькі забаўляльны, але і асветніцкі характар, сцвярджаюць арганізатары і кажуць, што перш за ўсё імкнуцца пазбавіцца стэрэатыпаў, што рэгі — гэта выключна “пазітыўныя растаманы з дрэдамі”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі