У Мінску на Нямізе хочуць пабудаваць яшчэ адну царкву
Царкву плануюць пабудаваць каля тэатра музкамедыі / minsknews.by
У Мінску на вуліцы Няміга паміж тэатрам музкамедыі і "Беларусбанкам" запланавана будаўніцтва праваслаўнай царквы. Яна будзе называцца ў гонар Казанскай іконы Божай Маці, піша агенцтва"Мінск-Навіны".
У чэрвені прайшло грамадскае абмеркаванне канцэпцыі, а ў ліпені адбылася пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічага савета, дзе былі падведзены вынікі гэтага абмеркавання. Паведамляецца, што царква будзе 28 на 12 метраў у даўжыню і шырыню і 25 метраў у вышыню. У тлумачальнай запісцы гаворыцца, што раней у Мінску быў такі храм. Яго пабудавалі ў пачатку ХХ стагоддзя ў гонар добрага зыходу чыгуначнай катастрофы, у якую трапіў расійскі імператар Аляксандр III. Гэтая царква праіснавала да 1936 года. У прэзентацыі праекта гаворыцца, што знесены аб'ект уяўляў сабой "гісторыка-культурную каштоўнасць". Акрамя таго, пабудаваць яшчэ адну царкву трэба, таму што ў цэнтры горада мала праваслаўных храмаў, гаворыцца ў дакуменце.
Першапачаткова царква знаходзілася на плошчы Мяснікова, узнавіць яе там не атрымліваецца — не хапае месца. Таму там плануецца размясціць "невялікую капліцу з памятным знакам" і злучыць яе з царквой інфармацыйнымі стэндамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.