У Мінску пачалі ўключаць ацяпленне ў жылых дамах
Працэс можа заняць 3-5 дзён, ілюстрацыйнае фота
Мінгарвыканкам прыняў рашэнне пачаць ацяпляльны сезон. З панядзелка ацяпленне ўключаюць у жылых дамах, інтэрнатах, агульнагарадскіх лазнях, установах адукацыі і тэатрах.
Гарадскія ўлады пры гэтым адзначылі, што падача цяпла ў жылфонд адбываецца не за адзін раз. Працэс можа заняць 3-5 дзён. У Мінгарвыканкаме таксама нагадалі, што на некаторых аб'ектах сталіцы ацяпляльны сезон стартаваў яшчэ ў пятніцу. З 6 кастрычніка цяпло пачало паступаць у школы і дашкольныя ўстановы, а таксама ўстановы аховы здароўя.
Рашэнне ўключыць ацяпленне прынялі і ў Віцебску. Паводле прадстаўнікоў мясцовых уладаў, 95 адсоткаў спажыўцоў атрымаюць цяпло ў дамах на працягу сутак. Цяпло паэтапна ўключаюць у Мінскай і Гродзенскай абласцях.
Сёння сіноптыкі зноў папярэджваюць аб моцным ветры. Парывы могуць дасягаць 15-20 м/с. На большай частцы краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, магчымы мокры снег. Тэмпература паветра складзе ад + 5 да + 11°С.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.