У Мінску пачаўся суд па іску кампазітара Моўчана да Шпакоўскай
Аўтар “Малітвы” патрабуе ад вакалісткі гурта Naka 18 мільёнаў рублёў за перапрацоўку яго песні.
У Вярхоўным судзе Беларусі 24 сакавіка пачаўся разгляд іску кампазітара Алега Моўчана да вакалісткі гурта Naka Анастасіі Шпакоўскай. Аўтар песні “Малітва”, якую выконвалі Уладзімір Мулявін і ансамбль “Песняры”, абвінавачвае спявачку ў парушэнні выключнага аўтарскага права за тое, што яна перапрацавала яго музыку да песні "Малітва" і публічна выканала яе на прэзентацыі праекта Re:Песняры 12 верасня 2014 года ў клубе Re:Public. Кампазітар патрабуе ад Шпакоўскай выплаціць яму 18 мільёнаў рублёў а таксама судовыя выдаткі, сума якіх будзе агучана пазней.
На першым этапе слухання Анастасія падала сустрэчны іск. Яна хоча аспрэчыць той факт, што выключнае аўтарскае права на “Малітву” належыць толькі Моўчану. Спявачка настойвае, што песня была створана на дзяржаўныя грошы ў суаўтарстве Моўчана і Мулявіна. Анастасія прадставіла суду дакументы, якія сведчаць пра тое, што ў час напісання песні Алег Моўчан працаваў у ансамблі "Песняры", і калектыў у сваю чаргу атрымаў грошы на праграму "Голас душы" ( куды ўвайшла і "Малітва") з бюджэту дзяржавы. Таксама лідарка гурта Naka заявіла, што мае сведкаў (адна з іх — былая жонка Алега Моўчана Таццяна) , якія могуць пацвердзіць, што Моўчан пісаў "Малітву" не самастойна, а разам з Мулявіным.
Нагадаем, Анастасія Шпакоўская і гурт Naka узялі ўдзел у праекце Re:Песняры, прымеркаваным да 45-годдзя "Песняроў". Падчас падрыхтоўкі трыб'юта ініцыятары сутыкнуліся з шэрагам праблем. Кампазітар Алег Моўчан не дазволіў уключаць у праект яго знакамітую "Малітву" (версія Шпакоўскай яму не спадабалася). Нягледзячы на забарону аўтара, гурт Naka рызыкнуў і выканаў свой варыянт "Малітвы" на прэзентацыі праекта. Як кажуць удзельнікі калектыву, выключна ў знак пашаны да творчасці "Песняроў".
Фота: Еўрарадыё і Fotolia