У Мінску плануюць стварыць калумбарый для хатніх жывёл
Сабака, ілюстрацыйнае фота
Мінскія ўлады задумаліся над стварэннем калумбарыя для хатніх жывёл. Пра гэта заявіў падчас сустрэчы з супрацоўнікамі прадпрыемства "Фаўна горада" намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун. "У мінчан шмат хатніх жывёл. Ёсць уладальнікі, якія хочуць, каб у любімых гадаванцаў было месца пахавання. Таму разгледзім пытанне стварэння такога калумбарыя", — цытуе Корзуна, агенцтва "Мінск-Навіны".
Чыноўнік спаслаўся на расійскі досвед, дзе для памерлага гадаванца можна арандаваць ячэйку ў такім калумбарыі. Тэрмін арэнды — год. Калі потым арэнда не падаўжаецца, то ячэйку перадаюць іншым кліентам.
У "Фаўне горада" пацвердзілі, што такая паслуга ў Мінску напэўна будзе запатрабаваная. Цяпер гаспадары вымушаныя хаваць сваіх гадаванцаў альбо на стыхійных могілках у лясных масівах, альбо прывозіць целы ў "Фауну горада", дзе мясцовыя спецыялісты дапамагаюць з утылізацыяй, пахаваннем або крэмацыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.