У Мінску прайшла нарада, прысвечаная развіццю ў Беларусі хакея

У Мінску прайшла нарада, прысвечаная развіццю ў Беларусі хакея

6 чэрвеня ў Мінску ў Міністэрстве спорту і турызму прайшла нарада, прысвечаная развіццю ў Беларусі хакея. На ёй абмяркоўваліся стан і перспектывы беларускага хакея. Прэс-служба міністэрства называе ўдзельнікаў нарады — міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, першы намеснік міністра Вячаслаў Дурноў, старшыня Федэрацыя хакея Беларусі Сямён Шапіра, яго намеснік Дзмітрый Баскаў, памочнік галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай і галоўны трэнер "Юнацтва" Міхаіл Захараў, а таксама начальнік па правядзенні спаборніцтваў, спартыўны дырэктар федэрацыі Уладзіслаў Клачкоў. Цікава, што адсутнічаў выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Сяргей Пушкоў. І гэта прэс-служба Мінспорту ніяк не патлумачыла.

Як вядома, на мінулым чэмпіянаце свету зборная Беларусі па хакею пакінула элітны дывізіён. Кавальчук у сваёй прамове адзначыў важнасць "прааналізаваць прычыны няўдачы", каб выправіць сітуацыю і рухацца наперад. Паводле яго слоў, важна, каб міністэрствы, федэрацыя, клубы, рэгіянальныя ўлады працавалі разам. Шапіра нагадаў, што ў Беларусі ўжо створана "пэўная сістэма падрыхтоўкі хакеістаў усіх узростаў", але "відавочна адбыўся збой, патрабуецца сур'ёзная карэктыроўка". Ён прапанаваў распрацаваць "мадэль рэгіянальнага развіцця хакея". Кіраўніцтва федэрацыі лічыць, што мінскае "Дынама" мусіць стаць сапраўды базавым клубам для зборнай, а крытэрыі яе фармавання трэба зрабіць больш зразумелымі і дакладнымі (напрыклад, на апошні чэмпіянат свету чамусьці не паехаў вопытны нападаючы Андрэй Сцяпанаў).

Таксама на нарадзе ўздымаліся пытанні стварэння нацыянальнай школы брамнікаў, навукова-метадычнага забеспячэння айчыннага хакея, развіцця судзейства і "ўкаранення перадавых тэхналогій" у падрыхтоўку хакеістаў. Усе прысутныя на нарадзе разумеюць, што за кароткі прамежак часу гэта не рэалізаваць.

Напярэдадні мусіла адбыцца справаздачная канферэнцыя Федэрацыя хакея, аднак яе перанеслі на больш позні тэрмін — не было дастатковай для кворуму колькасці сябраў асацыяцыі. Па яе выніках федэрацыя мусіць унесці ў Мінспорту прапановы па фармаванні трэнерскага штабу нацыянальных каманд, прадаставіць стратэгію і канцэпцыю развіцця беларускага хакея.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі