У Мінску распачынае працу грэчаскі візавы цэнтр
Цяпер беларусы змогуць аформіць візу ў Грэцыю, не едучы па яе ў Маскву.
Грэчаскі візавы цэнтр распачынае сваю працу ў Мінску сёння, 22 чэрвеня. Яго адкрыццё некалькі разоў пераносілася, але цяпер ён нарэшце адчыніў свой офіс па адрасе вуліца Чыгуначная, 33 на першым паверсе бізнэс-цэнтра SV-Plaza.
Кароткатэрміновая турыстычная віза будзе каштаваць 3480 расійскіх рублёў (амаль 100 тысяч беларускіх) але аплачваць яе давядзецца толькі расійскімі рублямі, бо афармленне дакументаў адбываецца праз консульскі аддзел у Маскве.
Сервісны збор за паслугі візавага цэнтра складзе 28 еўра, прычым ён аплачваецца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанку на дзень падачы дакументаў. У абавязковы пакет дакументаў на атрыманне візы ўваходзіць анкета, фотаздымак, пашпарт і копія яго апошніх старонак, медыцынская страхоўка, даведка аб прыбытках, праязныя дакументы і бронь гатэля.
У сярэднім разгляд дакументаў займае 5 працоўных дзён, не ўлічваючы дня падачы.
Адметна, што для тых, хто збіраецца ў Грэцыю, пакуль не абавязкова будзе здаваць адбіткі пальцаў на атрыманне шэнгенскай візы. Нагадаем, што такі парадак у краінах Шэнгенскага пагаднення пачне дзейнічаць заўтра, 23 чэрвеня, інфармуе TUT.by
Фота з архіву