У Мінску ёсць гатэлі, якія не запаўняюцца і на 20%. Інтэрв'ю з экспертам

Фото: VideoBlocks
Фото: VideoBlocks

Да канца 2017 года ў Мінску адкрыюцца тры новыя гатэлі. Яшчэ 9 гасцініц (на 3 тысячы месцаў) плануецца адкрыць у сталіцы да 2020 года. Пры гэтым ў 2016 годзе мінскія гасцініцы былі запоўненыя толькі на 41%, гэта значыць ,вялікая частка з ужо наяўных шасці тысяч нумароў пуставала.

Ці не час Мінску спыніць бясконцую будоўлю і сканцэнтравацца на запаўненні гатэляў, якія ўжо ёсць? На пытанні Еўрарадыё адказвае дырэктар дэпартамента даследаванняў і кансалтынгу Colliers International Дзяніс Чацверыкоў.

В Минске есть отели, которые не заполняются и на 20%. Интервью с экспертом

Дзяніс Чацверыкоў: Не толькі пра гатэлі так пытаюцца. Пра офісы, да прыкладу: "Ну колькі іх можна будаваць?". Пра гандлёвыя цэнтры: "Панабудавалі, стаяць амаль пустыя... Лепш бы пабудавалі садок ці школу". Шмат ці не? Гледзячы, як да гэтага пытання падысці. З пункту гледжання макраэканомікі, напрыклад, будаўніцтва робіць унёсак у ВУП.

Можна ацаніць сумарную колькасць гатэляў і зрабіць выснову, што іх шмат. Але, на самой справе, пытанне ў дэталях. Бо ў замежнікаў, асабліва ў тых, хто часта падарожнічае, і ў бізнес-супольнасці, ёсць звычкі, якія яны не заўсёды гатовыя памяняць. І нават цяпер (хоць, вядома, ужо радзей) можна сустрэць меркаванне, што спыніцца ў Мінску няма дзе. Так, гасцініц шмат, але сёння ў сталіцы ёсць толькі два трохзоркавыя гатэлі, якія з нашага пункту гледжання, адпавядаюць еўрапейскім крытэрыям. І толькі адна "трошка", "Hampton by Hilton", працуе пад кіраваннем міжнароднага аператара.

Еўрарадыё: Прычым, гэта зусім свежы гатэль. У мінулым годзе пабудаваны.

Дзяніс Чацверыкоў: Калі ўзяць статыстыку, якую агучвае Юрый Натычка [начальнік упраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама. — Еўрарадыё], у іх каля 50 гатэляў. Але мы аналізуем не ўсе гатэлі. Мы бяром, у першую чаргу, сертыфікаваныя на зоркі, а таксама тыя, якія сертыфікацыю не прайшлі, але, як мы лічым, маюць добры ўзровень, і якія не сорамна паказаць у міжнародным справаздачы. Такіх у Мінску 33, на 5156 нумароў. Сярод іх больш за 40% "троек" — тыя ж "Планета", "Юбілейны". Але, паўтаруся, толькі два з іх мы лічым канкурэнтназдольнымі ў плане прыцягнення замежных гасцей.

Было некалькі "заходаў" набыць гасцініцу "Мінск" — але яе не аддаюць

Еўрарадыё: Вы лічыце, што гатэль становіцца горшым проста таму, што не працуе ў сетцы міжнароднага брэнда?

Дзяніс Чацверыкоў: Гэта не мы так лічым. Мы займаемся суправаджэннем здзелак па кіраванні гатэлямі. І калі да нас прыходзяць міжнародныя аператары, кажуць: давайце нам два асобныя аналізы, па брэндавых і па нябрэндавых гатэлях. Гэта два розныя рынкі. І вось, нягледзячы на тое, што "тройка" — гэта адзін з самых запатрабаваных фарматаў, у сегменце брэндавых "троек" мы прасядаем. У нас шмат "чацвёрак", памежных з "пяцёркай". Тое, што называецца "upscale" і "upper upscale": ужо старэнькая Crowne Plaza, DoubleTree by Hilton, Renaissance і Marriott.

Еўрарадыё: Гасцініца "Мінск" — гэта, здаецца, таксама 4*.

Дзяніс Чацверыкоў: Так, хоць ён і надта стары, і ў яго няма брэнда. Але, затое ў яго першакласнае месцазнаходжанне. Было некалькі "заходаў" купіць яго, але не аддаюць. У гэтым холдынгу: "Прэзідэнт-гатэль", "Мінск", "Планета" — "Мінск", вядома, самы прынадны кавалачак. Часам месцазнаходжанне значыць больш, чым якасць нумароў.

В Минске есть отели, которые не заполняются и на 20%. Интервью с экспертом
Гэты звычайны нумар на аднаго госця ў гасцініцы "Мінск" каштуе $ 85 у суткі.

Еўрарадыё: Нягледзячы на тое, што мінскія гатэлі ў сярэднім запаўняюцца на 41%, знаходзяцца турысты, якія кажуць, што пасяліцца няма дзе?

Дзяніс Чацверыкоў: Часцей за ўсё гэта тыя, у каго бюджэт абмежаваны. Да прыкладу, яны не могуць аддаць 150 еўра за ноч, у іх ёсць усяго 60. Але пры гэтым яны хочуць атрымаць якасць.

Часта лічаць, колькі сродкаў пакідае замежны турыст, які прыязджае ў Беларусь. Але заробак эканомікі складаецца не толькі ў гасцініцы як у сродку размяшчэння. Турыст траціць грошы ў рэстаранах, клубах, крамах. А з другога боку, у гатэля ёсць нярэчавы складнік. Гэта месца, якое замежны турыст бачыць адразу пасля аэрапорта і транспарту. Месца, дзе праводзяцца бізнес-мерапрыемствы. Тут не ўсё можна пералічыць ў грошы.

Еўрарадыё: Мне здаецца, у Варшаве ці ў Вільні цалкам можна знайсці якасць за 60 еўра за ноч.

Дзяніс Чацверыкоў: Калі крыху раней пра гэта патурбавацца, можна знайсці. У нас жа пакуль што захоўваецца дысбаланс у структуры гатэляў. У суме гасцей мала, гатэляў шмат, але ў некаторых катэгорыях гатэляў ўсё ж такі не хапае.

Максімальная напаўняльнасць ў Мінску — у раёне 65%. Мінімум — менш за 20%

Еўрарадыё: Я так разумею, каб палепшыць сярэднюю напаўняльнасць, трэба або прыцягнуць у краіну больш турыстаў, або зачыніць дрэнныя гатэлі, у якіх ніхто не жыве. Што б вы зачынілі ў першую чаргу?

Дзяніс Чацверыкоў: Калі я каго-небудзь назаву, усе пакрыўдзяцца адразу! А інфармацыю пра запаўняльнасць гатэляў і так здабываць вельмі складана. Часта для прэсы адны лічбы, а для фінансістаў — іншыя. Вось вы кажаце — 41%. Гэта сярэдняя лічба па рынку.

Еўрарадыё: Ну так. Дзесьці 80%, дзесьці 20%.

Дзяніс Чацверыкоў: 80% у сярэднім па годзе, думаю, такой напаўняльнасці ў Мінску ні ў каго няма. Можа быць, у невялікіх гатэлях у цэнтры. Можа быць, у пазамінулым годзе. Максімум, які нам сустракаўся — у раёне 65%. Мінімум — менш за 20%.

Еўрарадыё: А кропка бясстратнасці дзе?

Дзяніс Чацверыкоў: У каго як, але можна арыентавацца на запаўняльнасць ў 30-35%.

Савецкія гасцініцы з цяжкасцю паддаюцца пераробцы ў сучасны гатэль

Еўрарадыё: Якіх у выніку гасцініц Мінску не хапае, а з якімі — перабор?

Дзяніс Чацверыкоў: Што ўжо некалькі вычарпала сябе — гэта "савецкасьць", калі яна з’яўляецца не штучна створаным маркетынгавым ходам, а проста працягваецца з 80-х. Ёсць у нас такія гасцініцы. Там і па нумарах ёсць пытанні, і па сэрвісе, і загрузку яны маюць далёка не самую лепшую. Вось калі б яны зачыніліся, сярэдняя загрузка б вырасла.

Еўрарадыё: Гэта справядліва толькі ў дачыненні да гасцініц, якія былі пабудаваныя ў савецкі час? Ці ў нас і цяпер могуць пабудаваць несучасны, "савецкі" гатэль?

Дзяніс Чацверыкоў: У першую чаргу, гэта старыя савецкія гатэлі. Яны маюць патрэбу ў рэнавацыі, але там не памяняць памер нумароў з-за апорных сцен, і шмат іншых нюансаў. Можна, напрыклад, казаць пра гасцініцы "Планета", "Арбіта". У іх, вядома, свая мэтавая аўдыторыя...

В Минске есть отели, которые не заполняются и на 20%. Интервью с экспертом
Сінгл-эканом ў гасцініцы "Арбіта" каштуе 46 рублёў. Фота: www.orbita-hotel.com

Еўрарадыё: Маё снобскае сталічнае меркаванне: "Арбіта" — гэта гасцініца для камандзіровачных з Беларусі. Не для замежных турыстаў.

Дзяніс Чацверыкоў: Такія госці ёсць, і пэўную загрузку забяспечваюць. Але іх не так шмат — гасцініц больш. Ёсць жа яшчэ "Турыст". Савецкія гасцініцы з цяжкасцю пеаддаюцца пераробцы ў сучасны гатэль. А не хапае як раз сучасных якасных "троек". Таксама ў нас няма ніводнага "люксавага", "лакшары" гатэля. Пытанне — ці патрэбны ён, таму што з пункту гледжання попыту, гэтая ніша не асабліва праглядаецца. На яе прэтэндаваў "Hyatt", пакуль яго не замарозілі.

Не хапае гатэляў, дзе ёсць прастора

Еўрарадыё: Напэўна, "Прэзідэнт-гатэль" гэтую нішу цяпер займае? Напрыклад, удзельнікаў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ сялілі менавіта там.

Дзяніс Чацверыкоў: Гэта дзяржаўны гатэль. Ёсць дэлегацыі, ёсць спартыўныя мерапрыемствы — госці, якіх трэба рассяляць. Сярод дзяржаўных гатэляў ён пазіцыянуецца уверсе. Але, калі яго параўнаць з "Кемпінскі" ў іншай краіне, з Radisson — ёсць пытанні па матэрыялах, па мэблі.

Еўрарадыё: Вось бачыце, памыліўся я наконт "Прэзідэнт-гатэля". Зрэшты, гэта лагічна, бо я ў мінскіх гасцініцах бываю рэдка.

Дзяніс Чацверыкоў: Калі вярнуцца да пытання пра тое, якіх гатэляў не хапае, я б сказаў: сучасных гатэляў з сучаснай планіроўкай. Брэндавых гатэляў, таму што ім сёння канкураваць лягчэй. І гатэляў, дзе ёсць прастора. Гэта трэнд у сучасных заходніх гатэлях: там ёсць вялікае лобі, якое плаўна перацякае ў кавярню, якая сумяшчае зону reception і адкрытую прастору.

Еўрарадыё: Ці справядлівае сцвярджэнне, што ўлады мэтанакіравана змагаюцца з "кватэрамі на суткі", каб запаўняць гатэлі?

Дзяніс Чацверыкоў: Думаю, не. Можна ж таксама сцвярджаць, што ўлады змагаюцца з ІП, каб прасоўваць буйны бізнес. Скрыжаванне мэтавых аўдыторый паміж гатэлямі і кватэрамі — 15-20%, у асноўным у сегменце 3* і ніжэй. Вядома, калі іх прыбраць цалкам... Але тады ўзнікае недахоп таннага размяшчэння — хостэлаў, якасных "двоек", якіх у нас усяго чатыры.

Патрабаванні па кватэрах таксама з часам мяняюцца. Ёсць Airbnb, ёсць Booking, на які мінскія кватэры таксама выходзяць. Тыя, хто мяняюцца, паспяхова канкуруюць з гатэлямі. Але я б не сказаў, што кватэры перашкаджаюць уладам, дакладней, дзяржаўным гатэлям. Уладам замінаюць, у першую чаргу, паспяховыя сучасныя брэндавыя гатэлі, якія забіраюць гасцей і мазоляць вочы высокай загрузкай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі