У Мінску затрымалі п’яную маму, якая везла на машыне пяцігадовае дзіця
У Мінску ў нядзелю раніцай затрымалі 36-гадовую нецвярозую жанчыну, якая везла на машыне 5-гадовае дзіця. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ДАІ Маскоўскага раёна сталіцы, парушальніца ехала на дачу ў Брэсцкай вобласці. Побач з ёй у машыне сядзеў муж, раней пазбаўлены правоў за кіраванне ў нецвярозым стане. Ён таксама быў п’яны.
Але гэта не ўвесь пералік парушэнняў. 5-гадовае дзіця перавозілася ў машыне без дзіцячага крэсла. Да таго ж аўтамабіль быў на пратэрмінаваных транзітных нумарах, за што ДАІ склала пратакол.
Медыцынскі агляд паказаў 0,97 праміле алкаголю ў крыві кіроўцы — жанчына сказала, што напярэдадні выпіла бутэльку шампанскага. Таксама інспектары распавялі, што прыкладна ў 100 метрах ад месца, дзе быў экіпаж ДАІ, аўтамабіль спыняўся — магчыма, муж і жонка памяняліся месцамі, спадзеючыся, што жанчыну не будуць затрымліваць.
Аўтамабіль забраны на штрафстаянку, а парушальніцы пагражае пазбаўленне правоў на 3 гады і штраф да 100 базавых велічынь.