У МЗС Беларусі зноў адказалі Захаду: прыкрываюцца прыгожымі словамі
У МЗС Беларусі выказаліся пра згадкі нашай краіны ў выніковых дакументах нядаўніх самітаў ЕС-ЗША, G7 і NATO. Пра што заявіў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз? Што "краіны Захаду" спрабуюць навязаць свету "сваё скажонае і аднамернае ўспрыняццё сітуацыі ў Беларусі, якая... малюецца выключна ў чорна-белых фарбах". Што ў іх "халодны геапалітычны разлік і жаданне рэалізаваць свае вузкія палітычныя мэты". І ўсё гэта "прыкрываецца прыгожымі словамі пра рашучасць патрымаць суверэнітэт, незалежнасць".
У Мінску абураныя ўвядзеннем санкцый, у тым ліку супраць прадпрыемстваў, на якіх працуюць дзясяткі тысяч чалавек.
"Беларусь была і застаецца прыхільнай курсу, накіраванаму на самастойнае і эвалюцыйнае развіццё дзяржавы і грамадства, — заяўляюць у МЗС. — Ніякай знешні дыктат і шантаж не могуць прымусіць нас змяніць гэты курс...".
Таксама сцвярджаецца, што "Беларусь ніколі не стварала і не збіраецца ствараць пагроз рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі". І што наша краіна гатовая да дыялогу.
Якраз на саміце ЕС-ЗША было дамоўлена прыцягнуць улады Беларусі да адказнасці за інцыдэнт з экстраннай пасадкай самалёта Ryanair ў Мінску, а таксама за парушэнне правоў чалавека. А лідары “Вялікай сямёркі” заклікалі беларускія ўлады правесці новыя выбары, паколькі вынікі выбараў 2020-га не прызнаюцца з-за фальсіфікацый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.