У МЗС Узбекістана выклікалі расійскага пасла праз заяву пісьменніка Прылепіна

Захар Прылепін

Захар Прылепін

МЗС Узбекістана выклікаў расійскага пасла Алега Мальгінава, дзе яму ў "прынцыповай форме было даведзена", што неабдуманыя заявы правакацыйнага характару "могуць негатыўна адбіцца на гістарычна дружалюбных адносінах". Прычынай для такіх заяваў зрабіўся выступ адыёзнага пісьменніка і сустаршыні партыі "Справядлівая Расія — За праўду" Захара Прылепіна.

На паседжанні адной са сваіх ваенна-палітычных структур Прылепін прапанаваў далучыць Узбекістан да Расіі. Толькі такім чынам, з яго слоў, можна вырашыць канфлікты з мігрантамі, якія адбываюцца ў РФ. "Шчыра стаю на тым, каб вось гэтыя тэрыторыі, адкуль да нас едуць гастарбайтэры, каб іх далучаць і ўжо на месцы навучаць людзей расійскай мове. Каб не тут іх вучыць, а там, дапусцім, ва Узбекістане", — прыводзіць цытату Прылепіна "Радыё Свабода. Узбекістан".

Акрамя таго, Прылепін мяркуе, што пасля меркаванай перамогі ў вайне з Украінай ніхто не зможа забараніць Расіі "зрабіць што-небудзь карыснае на еўразійскай тэрыторыі", напрыклад, "дэзавуяваць распад Савецкага Саюза". Гэта, на яго думку, дазволіць "у любы момант сказаць: "Паколькі два мільёны нашых грамадзян знаходзяцца на вашай тэрыторыі, мы прэтэндуем на яе".

У расійскім МЗС ужо заявілі, што выказванні Прылепіна "не маюць нічога агульнага з афіцыйнай пазіцыяй расійскага кіраўніцтва".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі