У наступным годзе Мінкульт пачне працу па захаванні руін беларускіх замкаў
Гаворкі пра іх рэстаўрацыю пакуль не вядзецца.
Захоўваць тое, што засталося, будуць у Крэве, Наваградку і Гальшанах. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 8 кастрычніка ў Мінску паведаміў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры Ігар Чарняўскі, інфармуе БелаПАН.
Паводле яго слоў, праца на гэтых аб'ектах досыць складаная, паколькі замкі ляжаць у руінах. Чарняўскі падкрэсліў, што аб рэканструкцыі або маштабным аднаўленні замкаў гаворка не ідзе. "У першую чаргу неабходна забяспечыць стабільнасць канструкцый і сцен", - адзначыў ён.
Чарняўскі падкрэсліў, што ўсе работы па захаванні рэшткаў замкаў будуць весціся беларускімі спецыялістамі, паколькі ў краіне "дастаткова добрых праекціроўшчыкаў, рэканструктараў, спецыялістаў у галіне архітэктуры".