У NATO і Вашынгтоне пракаментавалі пераезд вагнераўцаў у Беларусь
Кіраўнік NATO Енс Столтэнберг (у цэнтры) / Reuters
Пераезд вагнераўцаў у Беларусь прывядзе да ўзмацнення рэгіянальнай нестабільнасці. Пра гэта заявілі прэзідэнты Літвы Гітанас Наўседа і Польшчы Анджэй Дуда ў Гаазе. Там напярэдадні адбылася сустрэча кіраўнікоў васьмі краін NATO з кіраўніком Альянсу Енсам Столтэнбергам, распавядае Reuters.
"Калі Вагнер накіруе сваіх серыйных забойцаў у Беларусь, усе суседнія краіны сутыкнуцца з яшчэ большай небяспекай нестабільнасці", — заявіў Наўседа. Польскі прэзідэнт дадаў, што сітуацыя сапраўды сур'ёзная і выклікае непакой. "Мы павінны прымаць вельмі рашучыя меры. Гэта патрабуе вельмі, вельмі жорсткага адказу NATO", — сказаў Дуда.
Тым часам, кіраўнік NATO Столтэнбэрг заявіў, што пакуль рана казаць пра тое, што гэта можа азначаць для саюзнікаў у NATO. Пры гэтым ён нагадаў, што ў апошнія гады Альянс узмацніў абарону ўсходняга флангу. "Мы паслалі выразны сігнал Маскве і Мінску аб тым, што NATO знаходзіцца там для абароны кожнага саюзніка, кожнай цалі тэрыторыі NATO", — сказаў Столтэнберг. Больш за тое, на маючым адбыцца саміце Альянса будуць прыняты далейшыя рашэнні па ўмацаванні калектыўнай абароны "з дапамогай сіл павышанай гатоўнасці і дадатковых магчымасцяў".
Журналісты спыталі пра вагнераўцаў у Беларусі і прэс-сакратара Пентагона Пэта Райдэра. Пытанне прагучала на брыфінгу ў Вашынгтоне. Райдэр сказаў, што на дадзены момант "мы не бачым ніякіх указанняў на якую-небудзь дадатковую ваенную дзейнасць, якая ўяўляла б пагрозы". Ён адмовіўся разважаць на тэму аб магчымых кроках групы Прыгожына, размешчанай у Беларусі, у дачыненні да Украіны, а таксама Літвы і Польшчы. Райдэр таксама адзначыў, што падраздзяленні "Вагнера" усё яшчэ застаюцца ва Украіне.
Нагадаем, напярэдадні самалёт Яўгена Прыгожына прызямліўся пад Мінскам. Раней расійскія ўлады дазволілі мяцежнікам "сысці ў Беларусь".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.