У Нігеры скінулі прэзідэнта, а ў Кангрэсе абмяркоўваюць прышэльцаў — #ІхНоравы
Наш чарговы агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава
У свеце неспакойна. Але разам з тым навіны абсалютна прадказальныя. Ну што нечаканага ў тым, што ў Афрыцы зноў адбыўся ваенны пераварот, а ў Паўночнай Карэі бразгаюць балістычнымі ракетамі?
Хіба што Кангрэс ЗША крыху разраджае абстаноўку. Падрабязней чытайце ў нашым аглядзе міжнародных навін.
Ваенны мяцеж, які змог
Для афрыканскіх краін гэта не тое, каб дзіва, але ў Нігеры здарыўся дзяржпераварот. Падобны да прыгожынскага, але больш удалы. Нігерскія ваенныя аб’явілі па тэлебачанні, што зрынулі прэзідэнта Махамеда Базума.
Галоўны мяцежнік — генерал-палкоўнік Амаду Абдурахман. Вакол яго стаялі яшчэ дзевяць мужчын у форме. Яны назвалі сябе Нацыянальнай радай па вызваленні краіны. Ад гэтага моманту, як кажуць яны, прыпыняецца дзеянне Канстытуцыі, межы краіны закрываюцца, ноччу ўводзіцца каменданцкая гадзіна.
У змове супраць прэзідэнта ўдзельнічала яго ўласная ахова. Яна ж Базума і затрымала. Цяпер яго прымушаюць адмовіцца ад прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Але пакуль што яшчэ прэзідэнт Нігера 27 ліпеня раніцай паабяцаў абараніць свае "з цяжкасцю здабытыя" дэмакратычныя поспехі. Ён знаходзіцца пад вартай у сваім палацы.
Міністр замежных спраў Нігера ў інтэрв’ю французскаму тэлеканалу France24 сказаў, што Базум пакуль адзіная законная ўлада ў краіне, а “капрызных салдат” ён заклікаў вярнуцца ў шэрагі падначаленых ураду вайскоўцаў.
Ваенная хунта ў сваю чаргу папрасіла знешніх партнёраў не ўмешвацца. І ніхто не бярэцца прадказаць, чым скончыцца гэты пераварот.
Няўжо НЛА сапраўды хвалюе амерыканскі Кангрэс?
Ніякіх жартаў, усё вельмі сур'ёзна. Упершыню ў гісторыі ў Кангрэсе ЗША на парадак дня вынеслі пытанне іншапланетнікаў. Там прагучала сенсацыйная заява пра тое, што ва ўладаў ЗША ёсць прадметы, створаныя іншаземным розумам, у тым ліку транспартныя сродкі. Перад Кангрэсам выступіў пад прысягай адстаўны вайсковец, і яшчэ два афіцэры падтрымалі яго ў якасці сведкаў.
Былы афіцэр разведкі Дэвід Граш сцвярджае, што Пентагон хавае інфармацыю пра кантакты з іншаземнымі сусветамі ад грамадскасці. А ў яго паўнамоцтвы да адстаўкі ў 2023 годзе ўваходзіў аналіз анамальных з’яў. Менавіта на здабытых на службе ведах базуюцца яго сведчанні.
Граш сцвярджае, што ЗША праводзіць рэінжэнірынг НЛА, якія пацярпелі крушэнне над штатамі. Пентагон аператыўна заявіў, што інфармацыя падлягае праверцы, але сакрэтных урадавых праграм, якія мелі б дачыненне з пазазямнымі цывілізацыямі, не існуе.
Але неаспрэчнае тое, што Сенат ЗША выдаткоўвае мільёны долараў на даследаванні, звязаныя з вывучэннем анамальных з’яў. І вайскоўцы патрабуюць, каб у гэтай тэме было больш публічнасці і грамадскасць ведала пра ўсе сустрэчы з прышэльцамі або НЛА.
КНДР пахвалілася новай зброяй перад Расіяй
Расійская дэлегацыя на чале з міністрам абароны Сяргеем Шайгу паехала ў братэрскую Паўночную Карэю. Лідар КНДР КІм Чэн Ын запрасіў расіян, а таксама кітайцаў на святкаванне 70-годдзя Карэйскай вайны і скарыстаўся гэтай магчымасцю, каб пахваліцца ракетамі і беспілотнікамі.
Шайгу ацаніў рэверанс і назваў армію КНДР наймацнейшай у свеце.
На выставе ўзбраення ў Пхеньяне паказалі межкантынентальныя балістычныя ракеты, якія забароненыя да выкарыстання Саветам бяспекі ААН. Таксама на афіцыйных здымках былі заўважаныя беспілотнікі, якія нагадваюць амерыканскія наступальныя дроны.
Шайгу заявіў пра ўмацаванне ваенных сувязяў Расіі і КНДР. Амерыканская разведка кажа, што Масква купляе зброю ў Паўночнай Карэі, каб выкарыстоўваць яе ва Украіне. Што, дарэчы, абедзве гэтыя краіны адмаўляюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.