У нядзелю чакаецца мокры снег з дажджом і моцны вецер
У бліжэйшыя суткі, 24 снежня, у Беларусі чакаецца хмарнае надвор’е, удзень — хмарнае з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 метраў за секунду.
Уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі, удзень пераважна на поўдні будуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы на паўночным усходзе ападкі будуць месцамі моцныя, чакаецца невялікая завіруха.
Сіноптыкі таксама прагназуюць слабы галалёд, на асобных частках дарог — галалёдзіца. У сувязі з гэтым абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў, удзень — 1-6 градусаў вышэй за нуль, а на захадзе слупкі тэрмометраў падымуцца да +8, перадае БЕЛТА са спасылкай на Белгідрамет.