У Оршы маршрутка з пасажырамі ўрэзалася ў грузавік, 12 пацярпелых
Аварыя ў Оршы
У Оршы маршрутка з пасажырамі ўрэзалася ў грузавік. Як паведамляе віцебскае ДАІ, здарэнне адбылося ў панядзелак каля 17-й гадзіны на вуліцы 1 Мая. 34-гадовы кіроўца маршрутнага таксі "ГАЗ" здзейсніў сутыкненне з грузавым аўтамабілем "МАЗ", які спыніўся на праезнай частцы (паводле папярэдняй інфармацыі, з-за няспраўнасці). У той момант у салоне маршруткі знаходзілася 9 чалавек. У выніку аварыі і маршрутка, і грузавік атрымалі пашкоджанні.
Як паведамляюць медыкі, пацярпела 12 чалавек. Прыязджалі тры брыгады хуткай дапамогі, на месцы была аказаная першая дапамога. 7 чалавек завезлі ў гарадскую бальніцу № 1. Пазней у бальніцу звярнуліся яшчэ 5 чалавек. У пацярпелых дыягнаставаны розныя траўмы, рэзаныя раны. У 59-гадовага мужчыны пераломы, яго шпіталізавалі (стан здавальняючы). Астатнім пацыентам аказана неабходная дапамога і прызначана лячэнне амбулаторна ў паліклініцы па месцы жыхарства.
У гэты ж дзень у Віцебску падчас руху загарэўся тралейбус з пасажырамі. На шчасце, ніхто не пацярпеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.